Віктар Жыбуль. Самвыдат – таксама выдатна!..

Тут мы змяшчаем артыкул аднаго з удзельнікаў менскага фестывалю самвыдата, сябра рэдкалегіі “Вясковых могілак” Віктара Жыбуля. Упершыню артыкул надрукаваны ў часопісе “Першацвет”, у №5 за 2001 год. Паколькі часопіс ўжо даўно не існуе, новае пакаленне самвыдатчыкаў нічога пра той артыкул нават не чула. А звесткі па гісторыі беларускага самвыдату 90-х гадоў у ім вельмі цікавыя.


—– —– —– —– —–

Самвыдат і Do It Yourself – неад’емная частка сучаснай маладзёжнай субкультуры, асабліва калі браць пад увагу рок- і панк-хардкор-сцэну. Бо афіцыйныя сродкі часта ігнаруюць некаторыя рэчы, якія могуць быць цікавымі для пэўнай часткі моладзі. Напрыклад, ёсць шмат добрых, але не раскручаных музычных гуртоў, і мала хто ведае пра іх – асабліва калі музыканты жывуць дзе-небудзь у правінцыі. Адкуль я даведаюся пра нефармальнае жыццё, скажам, Баранавічаў ці Светлагорску, калі мясцовая раённая прэса пра гэта не піша? Павінна ж нешта запаўняць такую вось інфармацыйную дзірку! І
самае аптымальнае выйсце – самвыдат. У ім змяшчаюцца кантактныя адрасы, па якіх можна набыць запісы таго ці іншага гурта альбо такія ж незалежныя часопісы. Калі афіцыйны часопіс – гэта “выданне для ўсіх”, то самвыдатаўскі – “выданне для сваіх”. Але варта яму пабачыць свет – і ім пачынаюць цікавіцца людзі з іншых гарадоў і нават краін, знаходзіцца шмат аднадумцаў. Так і адбываецца ўзаемны абмен часопісамі, а таксама меркаваннямі пра іх – у многіх такіх выданнях ёсць спецыяльны раздзел, дзе змяшчаюцца рэцэнзіі на самвыдат.

Ну і, тым больш, з афіцыйнага друку не даведаешся, як адкасіць ад войска ці як паводзіць сябе пры сустрэчы з бонхэдамі (агрэсіўнымі брытагаловымі нацыстамі).
Ідэі там можна абнародаваць таксама далёка не ўсякія. Калі ты, скажам,
анархіст, панк ці стрэйтэджэр, то, натуральна, што ў якую-небудзь цэнтральную гарадскую газету ты не сунешся. А ў самвыдаце выказаць можна ўсё – нават такія ідэі, якія камусьці могуць здасца радыкальнымі. Да таго ж, там няма ніякай цэнзуры – таму можна не баяцца выказваць свае эмоцыі з дапамогаю самых вычварных выразаў. Гэта – сфера поўнай свабоды, не скаваная ніякімі абмежаваннямі. Так што любы самвыдат – гэта яшчэ і добры спосаб самарэалізацыі, і спроба хоць неяк разварушыць людзей, заахвоціць да нейкай ініцыятывы.

Трэба, аднак, адрозніваць “проста” самвыдат і прадукцыю Do It Yourself. “Проста” самвыдатаўская прадукцыя можа быць выдадзеная на грошы спонсараў ці ўсялякіх фондаў (галоўнае, каб не на дзяржаўныя), яна можа прадавацца з разлікам на атрыманне нейкага прыбытку. Выданні Do It Yourself (DIY) – найбольш незалежныя ад усялякіх афіцыйных структураў і massmedia-рынку, выдаюцца выключна на ўласныя грошы і прадаюцца альбо па сабекошце, альбо па зусім сімвалічнай цане, альбо проста раздаюцца задарма. Не трэба, аднак, думаць, што выдаўцы DIY-часопісаў – нейкія міліярдэры. Гэта – самыя звычайныя людзі, якія нейкім чынам маюць дачыненне да музычнага андэграўнду ці да нефармальных маладзёжных рухаў. Міліярдэры жывуць у сваім свеце, і такія рэчы іх звычайна не хвалююць. Проста ў найбольш удачлівых прадстаўнікоў андэграунду атрымліваецца адшукаць халяўны ксеракс і паперу (з усім астатнім праблем звычайна не бывае).

DIY-часопісы часцей называюць зінамі (ад англійскага “zine” –скарочанае ад “magazine”). Разнавіднасць – фэнзін (fanzine) – часопіс для прыхільнікаў пэўнага музычнага напрамку (хаця некаторыя пішуць “funzine” і тлумачаць гэта як “вясёлы часопіс”). Зіны бываюць літаратурна-мастацкія (змяшчаюць вершы, прозу, малюнкі, калажы, фатаздымкі), літаратурна-мастацка-музычныя кшталту расійсуіх “Ура-Бум-Бум!” і “Кора Дуба”), чыста музычныя (даюць агляды канцэртаў, гісторыі розных гуртоў, інтэрв’ю з музыкантамі, рэцэнзіі на магнітаальбомы). Паводле ідэйнай скіраванасці зіны могуць быць панкаўскія, хардкоравыя, стрэйтэджэрскія, анархісцкія, антыфашысцкія, экалагічныя, фемінісцкія, пацыфісцкія, хіпоўскія, рэперскія, часопісы для футбольных фанатаў і інш.

“Тэхналогія” вытворчасці зінаў самая розная: яны альбо набіраюцца на камп’ютары, альбо друкуюцца на машынцы, альбо проста пішуцца ад рукі (толькі, вядома ж, не “як курыца лапай”). Бываюць зіны, зробленыя па метаду “выразаў-наклеіў” – яны і сапраўды змяшчаюць у сабе падборкі выразак з розных выданняў хутчэй за ўсё, на нейкую пэўную тэматыку. Па гэтаму ж прынцыпу ствараюцца і сцёбныя калажы, дзеля якіх часам даводзіцца парэзаць нямала фатаздымкаў з розных газет. З клеяў лепш выкарыстоўваць ПВА – ён не пакідае плямаў.

Калі ж зіны з’явіліся на Беларусі? З чаго ўсё пачалося, ужо, бадай, ніхто не памятае.
Першым быў магілёўскі часопіс “Окорок” (у назве гэтага “мяснога вырабу” схаваная даволі канкрэтная абрэвіятура: Ортодоксальный Контркультурный Рок) – ён пачаў выходзіць яшчэ пры Саюзе, у канцы 80-х, а апошні, 10-ы нумар выйшаў у годзе 1994 ці 1996. Але першым свядомым
DIY-зінам быў літаратурна-мастацкі панк-часопіс “Выгребная яма”. Яе выдаўцу Мітрычу, якога зараз некаторыя называюць легендай беларускага андэграунду, у 1994 годзе давялося пабачыць вялікую колькасць савецкіх самвыдатаўскіх часопісаў. Але яны Мітрычу не вельмі падабаліся: хоць і самвыдатаўскія, а ў той жа час чамусьці нагадвалі нейкія напаўафіцыйныя – друкавалі інфармацыю пра гурты, нейкія нецікавыя справаздачы аб канцэртах, і ўсе былі падобныя адзін на адзін. Былі, вядома ж, выданні, якія вылучаліся: “КонтрКультУра”, “УрЛайт”, “Ура-Бум-Бум!” і іншыя. Паколькі Мітрыча чыста музычны фэнзін абсалютна не задавальняў, ён вырашыў стварыць нешта сваё, не арыентуючыся ні на кога, і ў 20-х чыслах кастрычніка 1994 года ў свет выйшаў самаробны, месцамі друкаваны, месцамі рукапісны часопіс “Eh!”. Неўзабаве пачаў рыхтавацца і другі нумар, ужо пад назвай “Выгребная яма”, але тут узнікла прабле-е-емка: Мітрыча забралі ў войска. Аднак знаходлівы хлопец нават у такой, здавалася б, экстрэмальнай сітуацыі, працягваў выданне часопіса. Яму ў вайсковую частку дасылалі матэрыялы, і ён уклейваў іх у макет часопіса. Лісты прыходзілі нават з такіх далёкіх кропак як Хабараўск (там жыве сябар
Мітрыча, вакаліст гурта “
Cyber Shamans”), Кіраў (ад рэдактара часопіса “Play Hooky”), Ішым (гэта недзе ў Сібіры), але асноўная маса аўтараў была з розных гарадоў Беларусі. Прычым матэрыялы траплялі да Мітрыча ад людзей, якіх ён нават не ведаў, але якія чулі ад ягоных сяброў пра гэты часопіс. Да таго ж, дасылалі расійскія і ўкраінскія зіны – беларускіх тады яшчэ амаль не было… Напэўна, года да 1997 года ў нашай краіне існавалі хіба што толькі “Окорок”, які пазней мадэрнізаваўся ў “ОН” (“Окорок Новый”; выйшла тры нумары), “Выгребная яма”, якая ў 1996 годзе выпусціла 4-ы нумар і на гэтым “замарозілася” ды магілёўскі “Тихий Омут”, першыя два нумары якога былі чыста музычныя, трэці – разбаўлены літаратурай. Быў яшчэ часопіс “Новая выпь”, які выдаваў дырэктар гурта “Ляпис Трубецкой” Яўген Калмыкоў – выйшла ўсяго два нумары.

Але потым сітуацыя рэзка змянілася. У 1999 годзе ў Беларусі з’явіліся яшчэ некалькі фэнзінаў: антыэнэрэмаўскі “Наш Клоп Бабар” (выдаваў яго гурт “Карысныя выкапні”), “Dont panic” (праект Ігара Коніка з гурта “Hate to State”) і “Кен-гуру” (праект Андрэя з “Deviation”), а пасля іх адбыўся сапраўдны скачок ці выбух: зіны пачалі нараджацца ледзь не штомесяц. Ужо ў самым пачатку 2000 года выходзяць адразу два часопісы: “Ребро жесткости” і “Lefthander” (цяперашні праект Мітрыча, прысвечаны руху Straight Edge).
Следам за імі з глыбіняў андэграунда пачынаюць выплываць гродзенскія “Б-р-р-р!” і “Дезертир”, светлагорскі “Падёж скота”, брэсцкі “Хрусь” (сваім дызайнам нагадвае савецкія рок-выданні), мінскія “Віннегрет”, “Без намордніка”, “Заябок” і некаторыя іншыя. Быў яшчэ разавы сцёбны праект “Рабочий гудок” – выйшаў толькі адзін нумар. Усе пералічаныя часопісы, за выключэннем “Хрусь”, маюць пэўную ідэйную скіраванасць. Многія з пералічаных іх прысвечаныя панк-хардкор-субкультуры і ўсім аспектам яе барацьбы супраць заганаў
навакольнага свету. Яны так ці інакш звязаныя з гэтай музыкай, у іх амаль не сустрэнеш літаратурных пошукаў ці ўсякіх мудрагелістых “наваротаў”, усё вельмі канкрэтна.

Вядома ж, бываюць зіны і іншага кшталту. У Баранавічах выходзіць “Football XFiles” (спроба стварэння антыфашысцкага, антырасісцкага
футбольнага часопіса) і цікавы ў плане дызайну і зместу арт-феміністычна-экалагічны зін “
Eh!” (назва належыць Мітрычу; выдаюць ягоныя знаёмыя). Нямала зінаў, прысвечаных металічнай музыцы: “Симаргл”, “Cold Forest”, “Nervus Vagus”, “Children of Core” ды іншыя. Нават вядомы цяпер часопіс “Legion” калісьці пачынаў з самвыдату. Вакаліст гурта “Зьніч” Алесь Таболіч выдае “Сотвар” – зін, прысвечаны не толькі музыцы, але і язычніцкай культуры наогул.
Не так даўно з’явіўся “Трюмхейм” – першы на Беларусі зін, прысвечаны нойзавай культуры. (Для тых, хто не ведае: нойз – гэта напрамак авангарднай музыкі, пераважна імправізаванай, пабудаванай на шумавых дысанансах, уключаючы выкарыстанне спецэфектаў з дапамогай зусім не музычных рэчаў (электрадрэляў, пыласосаў, малаткоў і г.д.). Выдае яго Дзіма Тарасаў – удзельнік
noiseindustrial-гурта “Буслік супраць Кадука”.

Яшчэ адно новае выданне – “Залупа Борхеса” (як сказана ў падназве – “Літаратурны альманах”) – змяшчае ў сабе падбор самых нечаканых вытрымак з твораў вядомых і не надта вядомых літаратараў ад Сартра да Лімонава. Увогуле, пра чыста літаратурныя зіны – гаворка асобная. Апошнім часам у нас адбыўся такі ўсплёск літаратурнага самвыдату, што ў ім проста губляеш усялякія арыенціры. Але часопісаў, якія робяцца ў традыцыях DIY (рукапіс+ксеракс) – мала. Напрыклад, “Сельское кладбище” – выдаецца з кастрычніка 1997 года. Дзякуючы вялікай творчай энергіі Веры Бурлак і кампаніі выйшла ажно чатырнаццаць нумароў гэтага часопіса. Ён багата аздоблены малюнкамі, тут можна сустрэць сцёбна-прымітывісцкія коміксы па матывах твораў
“Адысея” Гамэра, “Злачынства і пакаранне” Дастаеўскага, “Сімпліцысімус” Грымельсгаўзэна, візуальна-паэтычныя эксперыменты ў духу Апалінэра, паліндромы – адразу бачна, што выдавалі часопіс студэнты-філолагі. Акрамя таго, выданне насычана рознага кшталту містыфікацыямі, псеўданімамі – палова аўтараў з’яўляюцца хутчэй выдуманымі персанажамі. Чымсьці “Сельское кладбище” нагадвае так званыя “друкапісы”, якія ў 1995-1997 гадах выдаваў творчы рух “Бум-Бам-Літ”. Гэтыя рукапісна-малявана-друкаваныя кніжкі памнажаліся ксераксным шляхам, а потым прадаваліся, раздаваліся ці проста раскідваліся на выступленнях. Бывалі выпадкі, калі бумбамлітаўцы выходзілі на сцэну, з ног да галавы абвешаныя сваімі друкапісамі, прышпіленымі булаўкамі да вопраткі, альбо спускалі ў Свіслач кніжкі, закаркаваныя ў бутэлечкі – так бы мовіць, пасланні ў Афрыку. Ну, да Афрыкі яны, напэўна, так і не даплылі, але дзякуючы такім вось акцыям ББЛ набыў вядомасць.

Паводле слоў Ігара Коніка, басіста “4510F” (ex-“Hate to State”) і выдаўца часопіса “Dont panic”, Беларусь зараз лідыруе ў вытворчасці самвыдату сярод постсавецкіх краін. У Расіі выходзіць таксама шмат зінаў, з якімі, дарэчы, маюць трывалыя сяброўскія кантакты і нашы самвыдатчыкі. У Маскве выдаюцца “Old Schооl Kids” (вельмі добры панк-хардкор-зін), “Взорванное небо” (трэці нумар павінен быў выйсці яшчэ год таму, але так і не выйшаў), у Піцеры – “Ножи и вилки”, “In a Free Land”, “В моем супе печенье в форме зверюшек” (былы “Elefantboy”; прысвечаны эксперыментальным музычным напрамкам); у Калінінградзе – “Yes Future” (крышна-панк-хардкор-зін; дагэтуль выходзіў у горадзе Татарску Новасібірскай вобласці), “Xerotika”; у Кіраве выходзіць адзін са старэйшых панк-хардкор-зінаў “Play Hooky” (з’явіўся амаль адначасова з нашай “Выгребной ямой”); у Краснадары – “Автоном” (не самвыдат, але вельмі баявы анархічны часопіс); у Іркуцку – “Сибирский тракт”, у Стаўрапалі – “Закат цивилизации”… Летась выйшла “Евробутылка” – спліт з пяці зінаў: “Утопия”, “Xerotika”, “Dont panic”, “Ножи и вилки” і “Аспирин не поможет”. А колькі цікавых зінаў прыходзіць у Беларусь з Польшчы, Латвіі, Украіны, Чэхіі, Германіі, Францыі, Бельгіі, Фінляндыі, ЗША, Малайзіі й нават Філіпінаў! Прыемна, калі кожны дзень атрымліваеш па пошце канверты й бандэролі з замежжа і такім чынам пашыраеш кола сваіх знаёмых.

Выданне фэнзінаў – справа і простая, і ў той жа час складаная. Простая, бо вымагае адносна невялікіх затратаў і пад сілу амаль кожнаму. Складаная – бо ты мусіш сабраць і змясціць сапраўды цікавыя, пазнавальныя, насычаныя карыснай інфармацыяй матэрыялы, інакш у адваротным выпадку атрымаеш здзеклівы адлуп ад тваіх жа калегаў па самвыдаце ў якой-небудзь рэцэнзіі. А калі табе няма чаго сказаць ці паказаць – дык лепш за гэтую справу і не бярыся, бо, як піша наш інтэлектуал, культуролаг Юрась Барысевіч: “Трэба, канешне, паклапаціцца і пра разьвіцьцё інфраструктуры, а таксама выяўленчых сродкаў “самиздата”: у гэтым жанры сказана яшчэ далёка не ўсё, што хацелася б сказаць. Галоўная задача – каб незалежнае выданьне не ператварылася ў сампісат і самчытат”.

Віктар ЖЫБУЛЬ

Аўтар выказвае падзяку Мітрычу, Насці, Ігару Коніку, Веры Бурлак за інфармацыйную дапамогу.


Comments are disabled.